У Стакгольмскім каралеўскім драматычным тэатры з 15 па 16 кастрычніка пройдуць перфарматыўныя чыткі паводле кнігі Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Праект увасоблены ў межах праграмы DRAMATEN.DOC, ініцыяванай рэжысёрам і драматургам Дзмітрыем Плаксам, паведамляе reform.news.
Пастаноўку стварыў Плакс паводле шведскага перакладу, зробленага былым паслом у Беларусі, рупліўцам беларускай культуры Стэфанам Эрыксанам. Кніга выйшла ў выдавецтве Ersatz і ўжо была прэзентавана на летнім фестывалі Book & Hiking.
DRAMATEN.DOC — серыя чытак, прысвечаных актуальным сусветным падзеям і грамадзянскім канфліктам. Раней у праекце паказвалі працы, натхнёныя тэкстамі Алеся Бяляцкага, Максіма Знака і Святланы Алексіевіч.
На сцэне выкарыстоўваецца фармат «увасабляльных чытак» — прамежкавы варыянт паміж спектаклем і чытаннем. Замест дэкарацый акцёры працуюць з абмежаванай колькасцю рэквізіту, які становіцца часткай драматургіі.
«Плошчу Перамогі» Альгерда Бахарэвіча выбралі як сучасны беларускі тэкст, зразумелы шырокай аўдыторыі.
16 кастрычніка, пасля паказу, беларускаму ПЭНу ў Стакгольме ўручаць Хірасімскую прэмію міру.
эж